Народнае свята Тройца

На гэта свята выходзяць амаль што ўсе жыхары вёскі, на якое запрашае вясёлая музыка. Кампанія сабраўшыхся напраўляецца за сяло, на паляну. Паляна, здаецца, расцвітае яркімі кветкамі ў гэты дзень. Пад гучанне народнай музыкі дзяўчаты пачынаюць абрады “завіванне бярозкі” і “ваджэнне куста”. Бярозку ўпрыгожваюць рознакаляровымі лентамі, в’юць вяночкі, пасля гэтага пачынаюць варажыць. На завітыя бярозкі кідаюць свае вяночкі, прыгадваюць самыя запаветныя жаданні. Затым песняй “Ой, кумушкі” пачынаецца траецкі абрад “кумаванне”, які праходзіць з жартамі, смехам і пацалункамі. Здаецца, нашы продкі прыдумалі яго, каб у дзень святой Тройцы, нават тыя, хто пасвараны з кім, памірыўся. Далей, пакумаваўшыся, дзяўчаты і маладзіцы запрашаюць усіх пачаставацца яечняй і квасам. Наступны траецкі абрад “ваджэнне куста” пачынаецца з выбару самай прыгожай дзяўчыны, якую ўпрыгожваюць галінкамі бярозы. Дзяўчына выконвала ролю “куста”, вакол якога вадзілі карагод. Песні змянялі танцы, адна гульня другую. Нагуляўшыся на паляне, жыхары вёскі вярталіся на сяло. У в. Восава “куста” вадзілі па вёсцы. Ідучы па вуліцы, спявалі песні, утыкалі ў вароты галінкі бярозы і клёну. Па дарозе ветлівыя жыхары вясёлы гурт частуюць пірагамі.
Час правядзення на пяцідзесяты дзень, пасля Пасхі, аграгарадок Ананчыцы, вёска Восава.

Обсуждение закрыто.