Свята выгану жывёл у поле. Напярэдадні свята 4 і 5 мая ля вогнішча на вуліцы ладзіліся вечарыны паміж моладдзю, старэйшымі пастухамі і жанчынай “Знахаркай”. У гэтыя вечары спявалі веснавыя абрадавыя песні “У хаце ў куточку”, “Выйду я на двор – бычкі бушуюць”, гулялі ў гульні “Падушачка”, “Коршун”, жанчына-знахарка расказвала моладзі аб пользе лекавых зёлак. 6 мая – Юр’еў дзень пачынаўся з абраду “Умыванне расою”. Рана-раненька, пакуль не ўпала раса, дзяўчаты ішлі да роснай травы, расцілалі рушнік, прыбіваючы яго далонямі да травы, каб ён прапітаўся расою. Затым гэтым рушніком яны выціралі твар, каб ён быў прыгожым, чыстым і здаровым. Наступны абрад свята Юр’я – “выган кароў”. Моладзь і старэйшыя пастухі ідуць па вёсцы і збіраюць кароў у стадак. Гаспадыні, выганяючы сваю карову з двара, падганяюць яе дубчыкам вербы, якую асвяцілі ў царкве ў вербную нядзельку. Каб карова з пажы вярталася круглая, поўная, у варотах, праз якія праходзіла карова, клалі яйка. “Адорванне пастухоў” – наступны абрад веснавога свята Юр’я. Пастухі тры разы запар абыходзілі стадак кароў, каб тыя хадзілі кучней і не разбягаліся. Жыхары вёскі частавалі пастухоў сырам, маслам, хлебам і абавязкова яечняй. На працягу дня спявалі песні, гулялі ў гульні, вадзілі юр’еўскі карагод.
Час правядзення 6 мая, аграгарадок Ананчыцы.