Спецыфіка каляндарна-абрадавых традыцый Салігорскага раёна мае сваю непаўторную асаблівасць, якая выяўляецца ў разнастайнасці формаў і спосабаў іх увасаблення. Па сённяшні дзень абрад “Шчодрык” захаваўся ў вёсцы Рог Салігорскага раёна ў тым выглядзе, у якім яго ведалі нашы продкі. Абрад праводзіцца на Шчодры вечар у ноч з 13 на 14 студзеня.
Як сто і дзвесце гадоў таму, пад стары Новы год ва ўсіх хатах весак Рог і Восава ладзяць Шчодрую вячэру. На край стала, дзе сядзіць гаспадар, у гліняным гаршку ставяць кашу-куццю з ячменю, звараную з мясам, прыпраўленую маслам або салам. На стале абавязкова 12 страў: капуста з мясам або салам, свежына на патэльні, бліны, тварог, кісель ягадны, грыбы – хто чым багаты. Як пакаштуюць усяго патроху, даходзіць чарга да куцці. Гаспадар здымае верхнюю прыгарку, якую потым аддасць курам, зачэрпвае лыжкай гарачую куццю, падносіць да акна, тройчы гукае: “Мароз, Мароз, хадзі куццю есці! Зімою бываць, а летам не бываць, бо жалезнымі пугамі будзем сцябаць…” Чакаць доўга не прыходзіцца, па весцы ўужо ходзяць шчадроўнікі старыя і малыя…
Захавалі і перадалі гэты абрад сваім дзецям і ўнукам удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Палескія крыніцы” Восаўскага сельскага Дома культуры. Адбываецца абрад “Шчодрык” з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў. Найбольш унікальны персанаж у гурце шчадравальнікаў з Восава – гэта дзед Продак і яго берасцяная маска, аналагаў якой больш няма на Беларусі.
13 студзеня 2019 года каля Восаўскага сельскага Дома культуры вёскі Салігорскага раёна, ужо традыцыйна, сустракаліся госці, удзельнікі і жадаючыя акунуцца ў атмасферу надзвычай старажытных і своеасаблівых з’яў каляндарна-песеннай культуры, якая вызначаецца сваёй этнаграфічнай арыгінальнасцю і своеасаблівасцю музычнага стылю разам з фальклорным калектывам “Палескія крыніцы”. Гэты год, для абрада “Шчодрык” Салігорскага раёна асаблівы яшчэ і тым, што яму спаўняецца дзесяць гадоў з моманту прысваення статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
Пасля таго, як усе жадаючыя сабраліся, пераапраналіся ў маскіраваных персанажаў, узялі ўсе неабходныя прылады, яны пачынаюць абыходзіць усе хаты вёскі, дзе гарыць святло з абрадавым прадстаўленнем, песнямі, скокамі і танцамі. Пасля абыходу ўсіх хат, шчадроўнічкі вяртаюцца ў Дом культуры, дзеляць пачастункі, накрываюць стол і сустракаюць першы дзень Новага года песнямі і танцамі.
Жыхары вёскі Восава Салігорскага раёна з пакалення ў пакаленне перадаюць калядныя рытуалы “Шчодрыка” і спадзяюцца, што гэты год прынясе дастатак, здароўе і дабрабыт.


