З году ў год 7 красавіка на Дабравешчанне ў в. Гаўрыльчыцы Салігорскага раёна праводзіцца абрад “Закалыхванне”. Месцам правядзення гэтага абраду выбіраецца высокая паляна з моцным дрэвам, на якое чапляюцца арэлі. Правяраюцца арэлі самым адважным маладым чалавекам, затым усаджваюць старэйшага жыхара, і пасля ўсіх жадаючых. Паводле падання нашых продкаў, узлятаючы ўверх на арэлях, трэба загадаць самае патаемнае жаданне, пажадаць шчасця і здароўя сваім родным і блізкім, а маладой дзяўчыне прызнацца, каго яна кахае. Абавязкова качаюць ўсіх дзяцей, каб увесь год яны былі здаровымі і моцнымі.
У гэтым годзе свята атрымалася асабліва яркім і запамінальным. Яно суправаджалася гульнямі, танцамі і жартамі. А сямейны ансамбль сям’і Бойка парадаваў гасцей народнымі песнямі. Таксама ў мерапрыемстве прыняў удзел фальклорны калектыў “Лань” Гаўрыльчыцкага СДК. Наведала свята і сама прыгажуня Вясна, якая разам з гасцямі і жыхарамі вёскі вадзіла карагод вакол вогнішча.





