29 мая 2018 года адбыўся майстар клас па вырабу дудкі метадам выкручвання.
Дудка на Палессі – пастухоўскі народны музычны інструмент, які вырабляецца з прыродных матэрыялаў. Яе гучанне суправаджае карагоды, танцы, каляндарна-земляробчыя і сямейныя абрады, бяседы і пагулянкі. А спосаб выкручвання, якім валодае і захоўвае Федар Уладзіміравіч Муравейка, надзвычай архаічны і ўнікальны. Федар Муравейка – уражэнец в. Карчаватка Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, на сённяшні час пражывае ў в.Тычыны Салігорскага раёна, – адзіны майстар, які стварае дудку метадам выкручвання кожнай вясной.
Улічваючы, што Ф.У. Муравейка амаль 79 гадоў, ён адмовіўся ад многіх відаў рамёстваў, якімі валодаў раней, толькі выраб дудкі працягвае, бо ёсць зацікаўленыя гэтым рамяством, моладзь, якая прыязджае да яго павучыцца. На працягу апошніх чатырох год ДУК “Культурна-дасугавы цэнтр Салігорскага раёна” праводзілася даследчая работа па захаванню тэхналогіі вырабу дудкі метадам выкручвання.
Вясной 2015г. быў праведзены семінар-практыкум па вырабу дудкі і адзняты дакументальны фільм. 19.05.2017г. адбыўся майстар-клас па вырабу дудкі-выкруткі. Удзел у ім прынялі студэнты кафедры этналогіі і фальклору БДУ культуры і мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, майстар народных музычных інструментаў А.Сурба, метадыст па этнаграфіі і фальклору ДУК “Культурна-дасугавы цэнтр Салігорскага раёна” А.Р.Данілевіч, дырэктар і мастацкі кіраўнік Восаўскага СДК С.І.Каваленя, А.Л.Дубіцкі. А 29.05.2018 г. прайшоў майстар-клас з удзелам вучняў аддзялення народнай творчасці і настаўніка па класу народных духавых інструментаў ДУ “Салігорская дзіцячая школа мастацтваў” Фалевіча М.У, настаўніка па класу флейты ДУ “Салігорская дзіцячая музычная школа мастацтваў” Ганчаровай К.С.
Федар Муравейка падзяліўся сваімі ведамі і пашагава прадэманстраваў сваё майстэрства.